• На главную
  • Карта сайта
  • Контакты
  • Ru |
  • En
Виртуальная галерея художника Миколы Бущика

СТЫХІЯ АБСТРАКЦЫІ

СТЫХІЯ АБСТРАКЦЫІ

Арганізатары паспрабавалі вылучыць абстракцыю як асобную плынь у сучасным беларускім мастацтве. Абстракцыя мае на нашых землях свае карані і традыцыі.

Згадаю Казіміра Малевіча і Эль Лісіцкага, што выкладалі ў Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. У этнічна роднасным беларусам Дзвінску (сёння  – Даўгаўпілс) нарадзіўся класік амерыканскага абстрактнага экспрэсіянізму Марк Ротка.

Прадстаўнік рускай культуры Васіль Кандзінскі значна паўплываў на беларускіх мастакоў ужо ў пасляваенны перыяд.

Абстракцыя ўплывала на прадстаўнікоў «віцебскага авангарда» 1970–1980-х гадоў Аляксандра Салаўёва, Леаніда Анцімонава, Алега Арлова). Нефігуратыўнасць пераважала ў творчых памкненнях чальцоў «Нямігі-17».

Увогуле, ідэя выставы нефігуратыўнага мастацтва для Беларусі далёка не новая.

Ладзіцца праект «Abstract», які аб'ядноўвае, галоўным чынам, прадстаўнікоў віцебскай школы. Хоць у выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы таксама ўдзельнічаюць  віцебскія аўтары (Віктар Шылко, Валянціна Ляховіч і інш.), яна адрозніваецца ад «Abstract'а» тым, што змагла задзейнічаць шэраг мастакоў, чыя творчасць рэдка разглядалася ў рэчышчы абстракцыянізму (Мікола Бушчык, Аляксандр Забаўчык, Рыгор Іваноў, Віктар Ціханаў...).


Вячаслаў Аўгусціновіч. Трансфармацыя I.
Алей. 2003

Цягам стагадовай гісторыі ў абстракцыянізме дамінуюць два кірункі – экспрэсіўная (лірычная) і геаметрычная абстракцыі. Сярод сучасных беларускіх мастакоў, што і дэманструе выстава, прыхільнікаў экспрэсіўнай абстракцыі значна болей, і звязана гэта, напэўна, з яе інтуітыўнай сутнасцю, стыхійнай прыродай.

У выставе вызначыўся лідар – гэта Рыгор Іваноў. Ён звяртаецца да чыстай абстракцыі як форме выражэння сваёй творчай канцэпцыі «свяцізму». Нефігуратыўныя работы мастака кампазіцыйна нагадваюць метафізічныя абстракцыі Ротка (поле чыстага колеру, якое «свеціцца» за кошт тонкай фонавай рамкі), але Іваноў свядома даводзіць гэты прыём да крайняга стану, акцэнтуючы ўвагу не на ўзаемадзеянні плямаў, а на тонкай гульні святла, таноў і паўтаноў у межах аднаго колеру.

Паводле ролі святла ў кампазіцыі палатна да «свяцізму» Рыгора Іванова набліжаюцца творы мастакоў Мікалая Бушчыка, Віктара Васюкевіча, Аляксандра Верашчагіна, Генадзя Фалея.

Сяргей Лапша. Тры структуры.
Лічбавая графіка. 2010
Вадзім Качан. Два бакі (здымак №2).
Фота. 2012

Працы Аляксандра Верашчагіна вблізкія да фрэсак і царкоўных абразоў, пры гэтым яны напісаны ў вельмі свабоднай, экспрэсіўнай манеры і выяўляюць яркі аўтарскі тэмперамент.

«Дрыпінгам» (узгадаем Джэксана Полака) вылучаецца творчасць  Віктара Васюкевіча. Разам з тым стыхійная неўтаймаванасць аўтарскага почарку абмежавана строгай патрабавальнасцю да колеру. Мастак пазбягае кантрастных спалучэнняў, аддае перавагу светлым тонам, а каляровая гама яго абстракцый застаецца блізкай да прыроднай (што асабліва відаць па рабоце «Бясконцая натура»).

Мастак Сяргей Пыжыкаў прадставіў серыю ахраматычных кампазіцый, створаных у графічнай манеры, у якіх ён даследуе ўласцівасці такой мастацкай катэгорыі, як прастора.

Аляксандр Верашчагін. Маміны пірагі.
Акрыл. 2013
Віктар Ціханаў. Ля каміна.
Акрыл. 2013

Работы мастака-дызайнера Вячаслава Аўгусціновіча вылучаюцца насычанай , гранічна распаленай шматколернасцю. Пераходы колераў адзін у другі забяспечваюць дынаміку створаных ім кампазіцый, нездарма ў выявах угадваецца вобраз матылька, што ў міфалогіі разглядаецца як сімвал бессмяротнасці.

Аляксандр Забаўчык некалькі апошніх гадоў працуе над цыклам «Дыялогі з караедамі». Кожная з работ гэтага цыкла вырашана ў адным колеравым тоне і вызначаецца складанай фактурай жывапісу. Вытанчаная прарысоўка фактуры ў  Забаўчыка спалучаецца з яе хаатычнай структурай, што нагадвае атожылкі ліста ці крывяносныя сасуды, чым утвараецца эфект паўнакроўнасці выявы, дыхання жывапісу.

Аўтарскае выказванне Алеся Фалея ўспрымаецца як перайманне стыхійных прыродных рытмаў. Такая манера можа падацца блізкай першабытнаму мастацтву, культуры абарыгенаў Афрыкі ці нават дзіцячаму крэмзанню. Разам з тым – гэта крык дышы чалавека, заціснутага ў рамках цывілізацыі, экзальтацыя ў ім прыроднага пачатку.


Мікола Бушчык. Ціхія гукі блакітнага вечара.
Алей. 2008

Творчае перайманне натуры ўласціва жывапісу Віктара Ціханава. Цікава, што праз прыродныя формы аўтар прыйшоў і да абстракцыі, ствараючы  ўсё больш адцягненыя пуантылістычныя пейзажы. У эксперыментальных работах  «Снег у чорным квадраце», «Ля каміна» прадмет раствораны, і ад натуры засталася адна толькі стыхія – зімовага холаду і агню адпаведна.

Адыходам ад прадметнасці характарызуюцца і апошнія творы Сяргея Давідовіча. Абстрактныя кампазіцыі, што ўзніклі як карэнным чынам пераасэнсаваныя пейзажы («Раніца на Мазурах»), характарызуюцца трапяткім лірычным настроем, перададзеным праз майстэрскую імітацыю нюансаў асвятлення.

Паслядоўнасць у працы ў рэчышчы абстракцыянізму праявіў Віктар Шылко. Умелае і разняволенае абыходжанне з кампазіцыяй, прапарцыянальныя суадносіны вялікіх і малых, светлых і цёмных колеравых мас – тое, што вылучае яго работы на дадзенай выставе і набліжае іх да «каларыстычных прастораў» класіка беспрадметнага жывапісу Анатоля Кузняцова.


Мікола Бушчык. Варыяцыі бясконцасці.
Алей. 2007

Да вопыту экспрэсіўнай абстракцыі плённа звяртаюцца маладыя мастакі, прычым робяць гэта на прафесійным узроўні. Серыя работ Андрэя Савіча асабліва ўдалая з пункту гледжання формы і характарызуецца трапным колеравым рашэннем, арыгінальнай тэхнікай (з ужываннем бетону).

Мяжуюць з нефігуратыўным мастацтвам і акварэлі Уладзіміра Рынкевіча. Абраная тэхніка дазваляе аўтару перадаць мімалётныя адценні пачуцця і, адпаведна, ствараць самыя розныя па настроі работы – ад прыземлена важкіх («З горкім хлебам і прэснымі травамі») да паветрана лёгкіх («Вешчуны»).

У выставе абстрактнага мастацтва прынялі ўдзел фатографы. Вока мастака ў такой дакладнай тэхніцы здольнае фіксаваць адцягненыя вобразы, ствараць  паўнавартасныя кампазіцыі. Напрыклад, у фотасерыі «М-Структуры» Міхаіла Гаруса, зробленай у далічбавую эпоху, фактуры рэальных аб'ектаў (марскі пясок, тканіна, шкло) даведзены да мінімалістычнай умоўнасці. Канцэптуальнае ўвасабленне нефігуратыўнасці ў фатамастацтве прапануе Вадзім Качан. Яго работа «Два бакі» спалучае аб'ектыўнае ўвасабленне прадметнасці (як бачыць чалавечае вока) на адным фотаздымку з дэманстрацыяй таго, як гэтую выяву можа перастварыць у абстракцыю оптыка.


Мікола Бушчык. Вясновы настрой.
Алей. 2008

Хіба не адзіным прадстаўніком геаметрычнай абстракцыі на дадзенай выставе з'яўляецца Сяргей Лапша, што сёння працуе ў рэчышчы лічбавай графікі. Найперш гэта датычыцца яго ахраматычных работ, для якіх характэрны мінімалізм і лагічная структураванасць. Гэтыя работы – спробы мастака проаілюстраваць адцягненыя фізічныя тэорыі («Згорнутая прастора», «Магеланавы воблакі», «Бясконцасць»). У іншых творах («Тры структуры») мастак ужо мысліць колерам як жывапісец.

Выстава «Іншая рэальнасць» яшчэ раз пацвердзіла, што нефігуратыўнае мастацтва ў Беларусі з'яўляецца не эпізадычнай праявай мастацкага дыскурсу, а ўяўляе сабой багатую і разнастайную плынь. Спадзяемся, што гэтай з'яве яшчэ наканавана сцвердзіцца на поўную моц. 

 

Алесь Сухадолаў
часопіс "Мастацтва"
№7, 2013