• На главную
  • Карта сайта
  • Контакты
  • Ru |
  • En
Виртуальная галерея художника Миколы Бущика

"Пад знакам Лема"

Узаемасувязь літаратурнай творчасці з выяўленчым мастацтвам — неад‘емная рыса не толькі кніжнай культуры, але і сучасных выставачных праектаў. Адным з найбольш удалых прыкладаў такога спалучэння стаўся маштабны праект “Лемарыс”, зладжаны ў комплексе галерэй Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі да 90-годдзя з дня нараджэння Станіслава Лема.

Праект засведчыў, што асоба польскага пісьменніка, філосафа-футуролага мае культавы статус у асяроддзі айчыннай інтэлігенцыі. Лем здолеў аб‘яднаць пад знакам сваёй навукова-фантастычнай творчасці аўтараў самых розных пакаленняў, пераважна авангардна сарыентаваных — ад сталага жывапісца Міколы Бушчыка да маладых артыстаў пластычнага тэатра “Інжэст”. І што адметна — упершыню беларуская публіка ўбачыла малюнкі самота С. Лема.

У экспазіцыю ўвайшло каля 30 рэпрадукцый графічных замалёвак пісьменніка. Адлюстраваныя на іх карыкатурныя вобразы не пазбаўленыя мастацкай вартасці, бо выяўляюць дасціпны лад мыслення аўтара. У сваіх малюнках Лем спалучае аб‘екты і з‘явы рэчаіснасці з кур‘ёзамі дзіцячай фантазіі. Ды і ўвасобленыя пісьменнікам персанажы, відавочна, запазычаныя са свету дзіцячых уяўленняў: разнастайныя робаты, шкілеты, танкі і г. д.

Другі іншаземны госць выстаўкі — Даніэль Мруз, найбольш вядомы ілюстратар кніг С. Лема. Наведвальнікі ўбачылі цыкл твораў гэтага польскага графіка, якімі ён аформіў зборнікі апавяданняў пісьменніка “Байкі робатаў” і “Кіберыяда”. Выявы аб‘яднаныя яскравым аўтарскім стылем, які далёкі ад суворай эстэтыкі хай-тэк і кіберпанку. Мастак ствараў алегарычныя вобразы робатаў — яны ў сатырычным плане характарызуюць сучаснага чалавека, тэхнічна ўзброенага, але не пазбаўленага пры тым адвечных маральных праблем.

Расійскі мастак Аляксей Андрэеў, які працуе ў камп‘ютарнай графіцы, паслядоўна ўзнаўляе стрыманы, рацыяналістычны дыскурс лемаўскай прозы, свет навуковай фантастыкі сродкамі лічбавага мастацтва. Асноўная частка работ А. Андрэева прысвечана фантастычнаму раману “Непераможны”, напісанаму ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Сучаснае прачытанне твора мастаком абумовіла “апрананне” літаратурных вобразаў у больш папулярную форму, звязаную з sci-fi стылістыкай коміксаў, фантастычных фільмаў і камп‘ютарных гульняў.

Калі казаць пра беларускую частку экспазіцыі, дык можна вызначыць асобны праект у праекце, бо яна сабрала маштабны зрэз твораў калякасмічнай, сюррэалістычнай, тэхнакратычнай і абстрактнай тэматыкі, выкананых у самых розных стылях і тэхніках. І гэтую сувязь творчасці беларускіх мастакоў з асобай Лема нельга недаацэньваць: некалькі іх пакаленняў гадавалася на кнігах польскага пісьменніка, як і на творах іншых класікаў сусветнай фантастыкі, многія зачытваліся імі ў дзяцінстве, а значыць, пад уплывам гэтых кніг фарміраваліся многія асобы.

Найбольш багатай і разнастайнай атрымалася жывапісная частка экспазіцыі. Падборку работ розных перыядаў творчасці М. Бушчыка аб‘ядналі касмічная сімволіка і асаблівы метафізічны настрой. Экспрэсіўная колеравая гама з дамінантай чырвонага і сіняга набліжае яго некаторыя творы да жывапісу абстрактнага экспрэсіянізму, асабліва да творчасці Марка Роткі. Прыкметы фармальнай кампазіцыі ў творах М. Бушчыка спалучаюцца з элементамі лірычнага пейзажу. Паказальная ў гэтым сэнсе работа “Нараджэнне планеты” (2010). У аснове выявы — абрысы ўрбаністычнага ландшафту, што праглядаюць праз сімвалічнае адлюстраванне ўзыходу сонца. Кампазіцыя пабудаваная на супрацьстаянні гарачых і халодных колераў, што ўзмацняе дынамізм і напружанне.

Алегарычнае ўвасабленне касмічнай тэматыкі прадставіў мастак Сяргей Пыжыкаў. Вобразны свет жывапісца больш блізкі да рэрыхаўскай стыхіі, і разам з тым аўтар ужывае ў адносінах да сваёй творчасці рацыянальны, блізкі да навуковага падыход, пра што сведчыць халодная колеравая гама і ўраўнаважаны настрой яго фантастычных пейзажаў. Найбольш сугучнае тэме праекта палатно “Кантакт” адлюстроўвае падзенне метэарыта ў воды акіяна. Як і на многіх іншых карцінах С. Пыжыкава, тут мае месца алагічнае ссоўванне прасторавых меж: воблакі плывуць над акіянам, і вада зліваецца з іх абрысамі, нібыта глядач назірае за ўсім, што адбываецца, з вышынь стратасферы. А ў пэўным сэнсе гэты сюжэт можна разглядаць не толькі як паказ сутыкнення нейкіх касмічных целаў, але і як увасабленне кантакту нябёсаў і зямлі, духу і матэрыі.

Арыгінальна абыграла лемаўскую тэматыку работа жывапісца Віктара Васюкевіча Акіян любові. Нефігуратыўнае палатно, на якім выяўлены своеасаблівы акіян святла — бясконцая галактыка зор ды свяціл, выкананая ў стылі, падобным да экспрэсій Джэксана Полака. У цэнтры выявы нібыта знаходзіцца мозг альбо сэрца ўсёй гэтай сістэмы, што распаўсюджвае вакол сябе хвалі святла. Усё гэта шчыльна знітаванае з вобразам планеты Салярыс — жывога акіяна, здатнага мысліць.
Самадастатковым атрымаўся і графічны складнік беларускай часткі экспазіцыі. Афорты Сяргея Балянка перагукваюцца з творчасцю Д. Мруза. С. Балянок з‘яўляецца прадстаўніком львоўскай школы графікі і праз свае работы выяўляе гарадскі еўрапейскі тып мыслення (на брукаваных вуліцах Львова, дарэчы, фарміравалася і асоба самога Лема).

Серыя твораў “лічбавага жывапісу” Сяргея Лапшы характарызуецца вывучэннем дыскрэтных уласцівасцей формы і колеру. Абстрактны мінімалізм гэтых выяў адметны структураванасцю элементаў кампазіцыі. Разам з тым, камп‘ютарная графі¬ка С.Лапшы не пазбаўлена эмацыянальнага напаўнення, што выяўляецца ў яркім колеравым вырашэнні, выбуховым характары кампазіцыі, яе памкненні за межы выявы. Нягледзячы на тое, што даследуе мастак разнастайныя навуковыя з‘явы (“Галактыка”, “Звернутая прастора” і інш.), ён не адмаўляецца ад ідэалістычнага зместу сваіх работ (“Абуджэнне”, “Бясконцасць”, трыпіціх “Тры структуры”, промневая пабудова якога відавочна скіроўвае да паняцяў са сферы тэалогіі). Аднак графіка С. Лапшы застаецца блізкай лемаўскай стыхіі з яе касмаганічным зместам і навукова-даследчай скіраванасцю.

Шырока прадставіла выстаўка “Лемарыс” і пластычнае мастацтва: металічную і драўляную скульптуру, шкляныя вырабы, кераміку.

Сам праект стаўся выбітнай падзеяй выставачнага жыцця Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Тэматычна экспазіцыя зусім арганічна ўвайшла ў футурыстычнае асяроддзе будынка. Святкаванне 90-годдзя Станіслава Лема атрымала шырокі розгалас ва ўсім свеце, і праз мастацкую выставу “Лемарыс” беларусы на годным узроўні прычыніліся да спадчыны і памяці культавага польскага фантаста.

Алесь Сухадолаў
Крыніца: Літаратура і мастацтва. № 19. 11 мая 2012 г.